Я помню время, когда не было телефонов

logo
Вторник, 24.09.2019 18:48 | Рубрика: Мысли вслух
111035

Не, тэлефоны ў маім дзяцінстве не былі ўжо нейкім дзівам. Проста ў нашай кватэры апарат яшчэ не ўста­навілі: існавала нейкая чарга, у якой мы быццам бы стаялі і якая надзвычай марудна рухалася. Карацей, тэлефона і зручнасці ў любы момант звязацца з цывілізацыяй у нас не было. У суседзяў ужо быў, а ў нас — не.

Памятаю, як я зайздросціла таму, што яны проста так, калі ўздумаецца, могуць патэлефанаваць, куды захочуць. Могуць зняць трубку, уставіць палец, а можа, і аловак у круг­лыя адтуліны на спецыяльным дыску і набраць нумар. Тады гэта мне падавалася нейкім асаблівым рытуалам. Нават не магчымасць пагаварыць з некім на тым канцы проваду прыцягвала, вабіў сам працэс.

Я нават памятаю, што апарат суседскі быў чырвонага колеру з некалі белым, але пажаўцелым ад часу абадком. Памятаю таксама, што калі дарослых не было дома і мы разам з суседскімі малымі заставаліся гаспадарамі, яны часта сваволілі. Я такога дазволіць сабе ніяк не магла — гэта ж тэлефон, сур’ёзная рэч, з ім нельга так. Часта ўяўля­ла, як буду так, між іншым, быццам гэтым зусім і не ганару­ся, даваць свой нумар некаму ці наадварот — пытацца, каб потым перазваніць, калі тэлефон нарэшце з’явіцца і ў нас. А тэлефон ніяк не з’яўляўся.

Прайшло нейкіх 20—25 год, i ўсё змянілася. Сёння ў на­шых руках такія камунікацыйныя магчымасці, пра якія тады і не марылася. Няма таго трапятання, якое існавала некалі перад звычайным дыскавым тэлефонам, чырвоным, з па­жаўцелым ад часу абадком.

Канешне, тэлефон з’явіўся і ў нашым доме, і я пакрысе прывыкла да гэтага. Але зараз я пра іншае, я пра сваё дзя­цінства — без тэлефонаў. Гэта была пара сюрпрызаў. Са­мых прыемных у свеце сюрпрызаў, самых радасных.

Мая бабуля Шура жыла пад Віцебскам у вёсцы Шапу­ры, а наша сям’я — у вёсцы Слабада Шумілінскага раёна. Дык вось, бабуля прыязджала да нас у госці з зайздрос­най рэгулярнасцю — разы два на месяц абавязкова. А то і тры. І прыехаць яна магла ў любы момант, нечакана: тэле­фона, каб папярэдзіць нас пра свой візіт, не было ж. Вось мы і чакалі. Заўжды чакалі. І гэта было надзвычай прыем­нае чаканне. Калі нам здавалася, што бабуля вось­вось павінна прыехаць, мы хадзілі яе сустракаць. Гэта быў так­сама рытуал. У мяне і маіх малодшых брата з сястрой. Мы не даходзілі да самога прыпынку, а спыняліся метраў за 50, уладкоўваліся такім чынам, каб і прыпынак, і ўсе, каго прывязе аўтобус, былі нам добра бачныя. І чакалі, прыслу­хоўваліся да характэрнага гулу, уласцівага выключна «на­шаму» аўтобусу. Вось так моўчкі сядзелі і чакалі, хто першы пачуе гэты аўтобусны гул. І вось аўтобус ужо зусім блізка, вось ён паказваецца з­за павароту, павольна пад’язджае да прыпынку, расчыняе дзверы і выпускае стомленых го­радам пасажыраў. Сваю бабулю мы пазнавалі здалёк і ўжо несліся, каб падхапіць клункі. Нават калі інтуіцыя нас пад­водзіла, і бабуля ў гэты дзень не прыязджала, мы ведалі, што заўтра зноў прыйдзем сюды, зноў сядзем на нашым месцы і будзем чакаць. І няма ў свеце нічога больш прыем­нага за гэта чаканне.

А бывала, прыязджаў дзядуля Пеця. Яны чамусьці ніколі не прыязджалі разам, а вось так, па чарзе. Праўда, дзяду­ля — радзей. У яго быў ордэн і пузаты карычневы партфель. Ён заўжды выязджаў толькі з гэтым партфелем. І капялюш. Шчыра прызнацца, я і не ўспомню, ці бачыла калі дзядулю без капелюша. Мы надзвычай радаваліся яму, ягонаму пу­затаму партфелю з нязменным заварным пірожным у ім. Было, вядома, і нешта яшчэ, але я памятаю толькі заварныя пірожныя: я іх вельмі любіла, і дзядуля гэта ведаў.

Дзіцячая памяць зберагла для мяне, дарослай, сюжэт: неяк ранняй восенню, калі было яшчэ цёпла, мы зноў чакалі бабулю, а прыехаў дзядуля Пеця. Я была дужа рада. Дзяду­ля прывёз пірожныя, а па тэлевізары паказвалі фільм пра Будулая. Фільмы таксама паказвалі рэдка, а любімыя — яшчэ радзей. Фільм пра Будулая я вельмі любіла. І дзядулю любіла, і пірожныя ў пузатым партфелі. І я была шчаслі­вая. І каб яшчэ раз парадавацца ўсім сваім «шчасцям», я іх старанна пералічвала. І радасць новай хваляй уздымалася ў душы. Я і зараз так раблю: пералічваю сама сабе нагоды, якім можна ціха радавацца. Толькі не прызнаюся нікому.

Вось так у дзяцінстве я навучылася быць шчаслівай. А ўсё таму, што не было тэлефонаў, што адчуваць радасць можна было ўсяго толькі ад чакання яе, што i любімага дзя­дулю, і Будулая, i пірожныя можна было лёгка паставіць у адзін рад і радавацца, што ўсё добра, што жыццё шчаслівае.

Сёння ў нас гэтых тэлефонаў — колькі хочаш, і камп’ю­тар з Інтэрнэтам і электроннай поштай, і скайп, і вайбер… Толькі няма ўжо ні дзядулі, ні бабулі, і фільм пра Будулая я ўжо не люблю, і заварныя пірожныя мне нельга есці. А калі да майго сына едуць у госці бабуля з дзядулем, то зага­дзя папярэджваюць яго пра гэта званком. І яму ўжо ніколі не спазнаць таго майго шчасця, калі не было тэлефонаў.

Фото Wallhere.com

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: Наталья Черниченко