На базе Віцебскага раённага цэнтра культуры і творчасці зладзілі рэканструкцыю вясельнага абраду

Зборы жаніха за маладой, развітанне хлопца з прывычным халасцяцкім жыццём у бацькоў – такі фрагмент вясельнага абраду рэканструявалі на базе Віцебскага раённага цэнтра культуры і творчасці.


Вяселле ва ўсходніх славян заўсёды ўшаноўвалася як важнейшая падзея жыццёвага цыкла чалавека, цікавасць да якой у апошні час узрасла не толькі з боку краязнаўцаў, але і работнікаў культуры – нездарма свята-конкурс “Вялікая вясельніца” выйшла на абласны ўзровень.

... Пад абразом, на пачэсным месцы (у чырвоным кутку) – жаніх і тысяцкі, ролі якіх даверылі выконваць удзельнікам фальклорнага калектыву “Жывая спадчына”, што дзейнічае пад кіраўніцтвам Марыны Яско, Станіславу Палякову і Алегу Чавусаву. Ля печы са слупом (адсюль і назва “свадебный столбовой обряд”) – бацькі маладога, гатовыя частаваць дарагіх госцеек. Усе ў прадчуванні адказнага моманту. Тысяцкі – звычайна гэта быў хросны жаніха ці яго дзядзька – даваў павучанні. Адзенне і абутак удзельнікаў паказу, а таксама посуд, вышытыя абрус, ручнікі, нацыянальныя музычныя інструменты падкрэслівалі беларускі каларыт.

Абрадавыя дзеянні запісалі са слоў жыхароў населеных пунктаў раёна, ёсць намер хадайнічаць аб прысваенні яму статусу гісторыка–культурнай каштоўнасці як аб’екту нематэрыяльнай спадчыны Беларусі.

На Віцебчшыне звычайна вяселле гулялі тры дні. Спачатку жаніх і нявеста – паасобку, кожны са сваёй раднёй пад страхой роднай хаты, затым хлопец прыязджаў выкупляць маладую, пася чаго іх чакалі бацькі маладога. Безумоўна, у кожным куточку Паазер’я і нават у розных вёсках аднаго і таго ж раёна абрадавыя дзеянні маглі адрознівацца, аднак паўсюдна яны праходзілі пад вясельныя песні.

Воь і на сцэне раённага цэнтра культуры і творчасці – у стылізаваным пад беларускую хату інтэр’еры – спевам не было канца. Шчыравалі ўдзельніцы народнага жаночага клуба «Залаты ўзрост» Мазалаўскага Дома культуры, дырэктар Капцянскага Дома культуры Наталля Сакалова. Музычным суправаджэннем дапамаглі выкладчык Мазалаўскай дзіцячай школы мастацтваў Святлана Ліхавідава, мастацкі кіраўнік Мазалаўскага СДК Аксана Дрыгебка і акампаніятар раённага цэнтра культуры і творчасці Аляксандр Зуеў.

3081

© Авторское право «Витьбичи». Гиперссылка на источник обязательна.

Автор: Святлана ЛЮБАЧКА. Фота Алега КЛІМОВІЧА.